НА ЗЯМЛІ ВЫДАТНЫХ АСОБАЎ І ВЕКАПОМНЫХ ЗДАРЭННЯЎ
Можна толькі здзіўляцца нашай пэўнай недаінфармаванасці. Мы кожны дзень пра нешта даведваемся, пра што не мелі яшчэ ўчора ніякага паняцця.
Не, рэч ідзе не пра далёкія галактыкі, а пра нашу блізкую і ўсім вядомую (і невядомую) Міншчыну. Ізноў для сябе нешта нечакана пазнаеш, калі ў чарговы раз узнікае праект арганізацыі выставы ў якім-небудзь раённым цэнтры сталічнай вобласці.
Вельмі аператыўна мастакі, удзельнікі асветніцкага праекта "Выток Нёмана – выток духоўнасці” збіраліся правесці супольную выставу "Ад Нёмана да Лані” ў экспазіцыйнай зале Музея гісторыі Клеччыны.
Адразу ўлакладнім: гэты цудоўны па сваёй краязнаўчай, гістарычнай, культурнай значнасці музей знаходзіцца ў горадзе Клецку, праз які павольна нясе свае ад палескіх вытокаў воды рака Лань.
Апрача таго ў Клецку захаваўся без асаблівых змяненняў амаль у цэнтры горада вялікі пагорак, акружаны з усіх бакоў глыбокім ірвом, з якога горад пачынае з 1127 г. сваю сярэднявечную гісторыю.
Нягледзячы на тое, што такі унікальны помнік яшчэ не занесены ў ахоўныя спісы, мастакі адразу адзначылі яго як выключны гістарычны рарытэт і зрабілі свае памятныя здымкі на яго велічным фоне.
Некалькі крокаў і ізноў фотасесія на фоне непаўторнага па прыгажосці будынка 1906 г. з чырвонай цэглы ў стылі гістарызму. Кожны з адкрыўцаў клецкіх каштоўнасцей марыць цяпер, што неўзабаве гэты ўзорны аб’ект архітэктурнага будаўніцтва стане Міжнародным культурным цэнтрам, у якім будзе месца для мастацкіх экспазіцый самага рознага фармата.
На сёняшні дзень выставы ладзяцца ў будынку дастаткова невялікага, але ўтульнага музея, заснавальнікам якога быў выдатны краязнавец і педагог Дарафей Чорны (1924-1997). Дзякуючы яго намаганням і многіх яго аднадумцаў, і вучняў, музей быў пабудаваны пры дапамозе грамадскасці і адчыніўся для наведвальнікаў у 1979 г.
Вядома, што ў такім месцы выстаўляць свае творы – вялікі гонар. Гонар таксама хадзіць па зямлі, дзе яшчэ не згасла памяць і пра рэфарматара XVI ст. Мікалая Чорнага з роду Радзівілаў, які запрасіў сюды філосафа-гуманіста Сымона Буднага.
Пра гэта і пра многае іншае, што звязана з Клеччынай ад сівой даўніны да сучаснасці, яшчэ будуць створаны мастацкія вобразы. Неабходна хоць на кароткі час апынуцца ў гэтым вельмі ціхім і натуральным асяроддзі, каб адразу пачалі нараджацца новыя творчыя ідэі.
Выставу, якая адчынілася 13 лістапада і будзе экспанавацца ў згаданым музеі на працягу месяца, можна лічыць пачаткам знаёмства клецкай грамадскасці з тымі мастакамі, якія ў стане паслядоўна адлюстроўваць рэгіянальную краязнаўчую тэматыку ў розных відах выяўленчай творчасці.
Леанід Гоманаў і Андрэй Лычкоўскі адразу падаравалі музею свае жывапісныя краявіды, каб замацаваць самыя цёплыя сяброўскія сувязі. Творчых гасцей з Узды і Мінска вельмі цёпла віталі дырэктар музея Марына Бабко, навуковы супрацоўнік Вольга Лабажэвіч і іншыя прадстаўнікі невялічкага але працавітага калектыву.
На адкрыцці выставы прысутнічалі і прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні экспазіцыі настаўніца беларускай мовы і паэтэса Вольга Дзянісава, бібліятэкар Алена Войцік і інш. Было вельмі шмат розных аматараў беларускага мастацтва.
Педагог Таццяна Матусевіч прывяла на адкрыццё выставы сваіх выхаванцаў студыі выяўленчага мастацтва, для якіх такая сустрэча з прафесійнымі мастакамі, мабыць, падштурхне ў выбары будучай прафесіі. Сапраўды, было на што паўзірацца і чаму павучыцца.
Леанід Гоманаў захапіў увагу прысутных сваімі срабрыстымі пейзажамі з матывамі драўляных хатак, хлевушкоў, лазняў. Ён не стамляецца ствараць прыродны цыкл, дзе кожнае
дрэва, рукатворная пабудова, хмарка на небе – вялікая жывапісная rаштоўнасць.
Яго аднадумцы ў такім бачанні пейзажных даляглядаў – Мікалай Мішчанка, Фёдар Ладуцька, Андрэй Лычкоўскі, Алесь Філіповіч.
Яны гэта сцвярджаюць з пэндзалем і фарбамі кожны па-свойму, але ў адным рэчышчы шчырага захаплення роднымі для сэрдца мясцінамі.
Пейзажысты ўжо на адкрыцці выставы паведамілі гаспадарам музея, што ўбачылі ў Клецку і навокал яго столькі маляўнічых куточкаў, што абавязкова арганізуюць сюды рэгулярныя плэнэрныя маршруты, падключаць сваіх калег, бо усім жадаючым можна знайсці на зямлі з багатым гістарычным мінулым свой запаветны матыў.
А музейшчыкі ўпэўнена паабяцалі, што праблем з арганізацыяй такіх шматразовых творчых мерапрыемстваў не будзе.
Вельмі зацікавіла гледачоў і экспазіцыя графікі. У.Рынкевіч, які ўпершыню прымае ўдзел у такой супольнай выставе, прапанаваў гледачам свае шматасацыятыўныя акварэлі "Брэтань”, "Гняздо”, "Пастушок”. Яны былі ўспрыняты з вялікім разуменнем і захапленнем. Бо не толькі сталічныя эстэты чакаюць ад сучаснага мастацтва арыгінальных і смелых творчых вырашэнняў.
Марына Эльяшэвіч прысвяціла свае творы ў тэхніцы акварэлі і тушы на рысавай паперы хатнім жывёлам і птушкам, як бы пашыраючы кола вобразаў, што пачынаюцца з радкоў народнай песні "…паршучок пад лаўкаю бульбачку грызець”.
У яе творах чырвоны пеўнік сустракае раніцу, а сівы конь з белай грывай чакае свайго гаспадара.
Яраслаў Філіповіч заінтрыгаваў наведвальнікаў музея сваёй міні-скульптурай "Моцны гарэшак”. Пачуліся меркаванні, што ён з’яўляецца сімвалам таямніцы нашай яшчэ вельмі невядомай гісторыі. Такім чынам, ад аўтара патрабуецца працяг такой загадкова-сімвалічнай тэматыкі, а, магчыма, і прыадкрыццё многіх яе таямніц.
Вельмі парадавала ўсіх таксама тэкстыльная кампазіцыя "Уладарка падземных бульбасховішчаў”, прысвечаная самаму папулярнаму прадукту харчавання ў выглядзе архаізаванай жывой істоты ў атачэнні ёй падобных "падданых”.
Адразу ўзніклі думкі правесці ў наступнай восені творчае свята "Арт-бульба”, на якім будзе весяліцца ўвесь Клецк. У праграме свята – мастацкая выстава, частаванне бульбянымі дранікамі, клёцкамі і да т.п.
Словам, адкрыццё выставы пераўтварылася ў вольную пляцоўку калектыўнага фарміравання новых ідэй пра больш інтэнсіўнае мастацкае адкрыццё Міншчыны.
Дзеля гэтага варта было наладзіць выставу ў гасцінным і маляўнічым Клецку.
Мастацтвазнавец і ўдзельнік выставы Яўген Шунейка.