Адценні часу. Выстаўка жывапісу і скульптуры мінскіх мастакоў

«Адценні часу» - назва выстаўкі жывапісу і скульптуры, адкрыццё якой адбудзецца 7 сакавіка ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Гэты праект з'явіўся вынікам творчага тандэма мінскіх і ўздзенскіх мастакоў і скульптараў, якія вынеслі на суд гледача галоўным чынам краявіды, выкананыя ў розных стылях і тэхніках. На выстаўцы будуць прадстаўлены работы Яўгена Шунейкі (г. Мінск), Алеся Філіповіча
(г. Узда), Мікалая Мішчанкі (г. Мінск), Леаніда Гоманава (г. Мінск), Андрэя Лычкоўскага (г. Узда), Фёдара Ладуцькі (г. Мінск), Яраслава Філіповіча
(г. Мінск).
Творчае аб’яднанне мастакоў ладзіць не толькі індывідуальныя, але і сумесныя выстаўкі-падарожжы па роднай Беларусі. У мінулым годзе серыя выставак прайшла ў Пінску, Нясвіжы, Салігорску, Навагрудку і іншых гарадах. Цяпер яны наведаюць са сваёй выстаўкай і наш горад.

Кожны жадаючы можа наведаць выстаўку «Адценні часу» да 6 красавіка.

665