Запрашаем «Ката пячы!»

Дарагія сябры!

Як жа хораша грае сонейка сваім залатым праменнем. У паветры ўжо адчуваецца пах вясны і Вялікадня.

Гэта свята яднае тых, хто адвярнуўся адзін ад аднаго, даруе надзею абяздоленым, дае радасць тым, хто сумуе, гэта свята любові і шчырае радасці.

Раней весела праводзілі вечары напярэдадні велікоднага паста. Моладзь збіралася ў хатах на вечарынкі.

Дзяўчаты прыглядаліся да хлопцаў, а хлопцы прыглядаліся да дзяўчат, шукаючы сабе будучых нявест.

Вяселле і шчырая радасць.

Івянецкі музей традыцыйнай культуры запрашае на ігрышча "Ката пячы".

«Кот», сабраны з булак (галава, тулава і лапы), сала (вушы), каўбасы (хвост) ды іншых элементаў — вусы з макароны, вочы з разынак, рот з морквы ці памідора — падвешваецца на спецыяльнай прыладзе.

Потым кожны па чарзе «пад'язджае» да ката верхам на вілках ці чапяле і стараецца адкусіць кавалачак, а іншыя ўдзельнікі смешаць і перашкаджаюць. Пры гэтым трэба гучна прамаўляць: «Ад парога да кута еду на лысага ката!» Хто не спраўляецца з задачай, выконвае «фант» — спявае прыпеўкі, альбо «ходзіць пеўнем вакол курыцы», альбо, калі гэта маладая дзяўчына, становіцца на табурэтку ды крычыць: «Мама, рыхтуй падушкі — замуж хачу!», або згуляць у гульню “Сарваць вішаньку”.

Калі «Ката» ўдалося адкусіць, абрад завяршаецца, і вядучая-Свашка раздае ўсім па кавалачку, ды не проста так, а з пажаданнямі: скажам, «вушкі — каб муж не хадзіў да падружкі», «лапы — каб мужык быў ля хаты», але найчасцей усе просяць «дайце мне каціны хвост, бо ўжо хутка пост!».

131