Фондавая пятніца: дзвярная ручка і кручок

Пятрусь Броўка нарадзіўся на Ушаччыне ў вёсцы Пуцілкавічы, дзе і прайшлі першыя 20 год яго жыцця. З гэтага перыяду да нашага часу захавалася няшмат матэрыяльных артэфактаў: некалькі посцілак, чаўнок ад ткацкага станка і тры прадметы з хаты.

За сваё жыццё ў Пуцілкавічах сям’я Броўкаў змяніла некалькі хат. Спачатку яны жылі ў хаце, якая засталася пасля смерці дзядзькі Ігнася Броўкі. Потым яны пераехалі ў “панскую малочную” хату ў былым маёнтку пана Вярэнькі. Яна стаяла на краю вялікага і багатага на пладовыя дрэвы сада, на крутым беразе ракі Вушачка. Унутры хаты стаялі дзве печкі. Побач на беразе ракі была крыніца.

У 1924-1925 гадах, калі Пятрусь Броўка пайшоў працаваць старшынёю Маладолецкага сельсавета, ён купіў для сваёй сям’і сядзібу карчмара Калмана на краю Пуцілкавіч, адкуль разыходзіліся дзве дарогі: на вёску Антунава і вёску Кулеўшчына. Каб танней купіць, ён папрасіў аднавяскоўца і тых знаёмых, якія прыехалі на продаж, не набіваць цану. I тыя, паколькі вельмі паважалі Петруся, пайшлі яму насустрач.

Карчомная пабудова была з дзвюх частак: непасрэдна карчма і праз сені хата для сям’і гаспадара. На сядзібе стаялі яшчэ хлеў для жывёлы і невялікая прыбудова для птушак. Воддаль размяшчалася гумно. Усе будынкі былі вельмі старыя, аселыя, зусім спарахнелыя. Праз некаторы час П. Броўка купіў тую “малочную” хату, у якой сям’я жыла раней, і яе талакой паставілі на месца карчмы. Пакуль хату даводзілі да ладу: масцілі падлогу, рабілі па-новаму столь, клалі печку і грубка, Броўкі жылі ў хаце карчмара, потым яе выкарыстоўвалі як істопку і для схову розных прадуктаў.

Апошняя хата Броўкаў была спалена нямецка-фашысцкімі акупантамі ў чэрвені 1943 года. У 1978 годзе на яе месцы адкрылі стэлу на ўшанаванне памяці Алены Сцяпанаўны Броўкі, маці паэта, якая загінула ў Асвенцыме. У 1982-1985 гадах, пры стварэнні Хаты-музея Петруся Броўкі, на месцы былога падворка Броўкаў, побач са стэлай, быў пабудаваны новы дом спецыяльна для музея. Пры будаўніцтве быў знойдзены кручок ад дзвярэй хаты, які зараз экспануецца ў музеі ў Пуцілкавічах. А ў 1989 годзе побач з новым домам былі знойдзены дзвярная ручка і яшчэ адзін кручок, якія зараз захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі.

134