Талент шчодры, непаўторны!

Мы жывём у краіне багатай на таленавітых і працавітых людзей. Іх сярод нас шмат, але сённяшняя наша гаворка пойдзе аб Белакоз Веры Ігнатаўне. Настаўніца, ткачыха, народны майстар Рэспублікі Беларусь і проста жанчына, якая заслугоўвае павагі і захаплення 3 лютага 2024 года адзначае 90-гадовы юбілей.


Аб Веры Ігнатаўне пойдзе гаворка,
Для нашых вяскоўцаў – тут яркая зорка
”.

Мікалай Іваноўскі “Вера Ігнатаўна”


Нарадзілася Вера Ігнатаўна ў вёсцы Ляткі тады Ваўкавыскага, а зараз Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Бацькі – сяляне, жылі са свае гаспадаркі, таму яшчэ з дзяцінства вучылася самай рознай сялянскай працы, у тым ліку і апрацоўцы лёну, ткацтву. Скончыла Гудзевіцкую сямігадовую школу і паступіла ў Гродзенскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча. З 1952 года да 1990 года працавала ў галіне адукацыі настаўніцай пачатковых класаў, загадчыцай дзіцячага садка.


“А вучні, якіх Вы за партай вучылі,
Напэўна, іх тысячы – і не лічылі”.

Мікалай Іваноўскі “Вера Ігнатаўна”


Выйшла замуж за мясцовага хлопца, зараз вядомага краязнаўцу, стваральніка Гудзевіцкага музея Алеся Мікалаевіча Белакоза. Выгадавалі траіх дзяцей. Мае ўнукаў і праўнукаў.

З 1990 года да 2007 года працавала назіральнікам у Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. Яшчэ пад час працы ў школе ў 1970 годзе арганізавала ткацкі гурток для дзяцей, дзе пачала асвойваць і перадаваць дзецям тэхніку ткацтва на ручных кроснах.

Прыйшоўшы на працу ў музей, гэтую справу працягвала, а таксама стала працаваць на вялікіх кроснах тэхнікай шматнітовага і пераборнага ткацтва.


"На кроснах палотны – то Гудзевіч цуд.
Дзівіцца з замежжа з’язджаецца люд.
З красёнцаў ім кажа чароўная нітка:
– За працу майстрыхі – не будзе нам брыдка".

Мікалай Іваноўскі “Вера Ігнатаўна”


Калі ў фондах Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея з’явіліся падвойныя дываны, створаныя ў першай палове ХХ стагоддзя на Гродзеншчыне, узнікла ідэя адрадзіць тэхніку стварэння такіх дываноў. У 1990 годзе В.І.Белакоз выткала першы дыван у такой тэхніцы, засвоіўшы сакрэты майстэрства ад Ядзвігі Аўгустаўны Райскай (1913-2003гг.) з в.Адэльск Гродзенскага раёна. Вера Ігнатаўна не проста пераняла вопыт, але і прынесла ў падвойнае ткацтва свае асаблівасці і адметнасці. Яе тканіны адрозніваюцца ад традыцыйных дываноў Я.Райскай кампазіцыйна і размяшчэннем узораў, больш спрошчаных, у асноўным расліннага і геаметрычнага характару. Усё гэта дазваляе гаварыць аб “гудзевіцкай традыцыі” падвойнага ткацтва, якая ў 2011 годзе была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Вера Ігнатаўна і пасля выхаду на заслужаны адпачынак актыўна працягвае працу па захаванню і адраджэнню традыцый народнага ткацтва, у тым ліку і падвойнага. Яна сама выдатна валодае гэтым рамяством і перадае свой ​​вопыт усім жадаючым, актыўна ўдзельнічаючы ў разнастайных мерапрыемствах. Падвойныя дываны майстрыхі ўпрыгожваюць экспазіцыю ўстановы культуры “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей”, захоўваюцца ў фондах іншых музеяў.

За сваю плённую працу яна адзначана шматлікімі граматамі, дыпломамі, пісьмамі падзякі. 23 снежня 2013 года рашэннем Экспертнай камісіі па народнаму мастацтву, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь Веры Ігнатаўне Белакоз быў прысвоены статус “народны майстар” за захаванне і развіццё традыцый падвойнага ткацтва.

Работы Веры Ігнатаўны былі прадстаўлены на нацыянальнай выстаўцы “Беларускі гасцінец” у г.Ашхабадзе ў рамках візіта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Туркменістан, якая праходзіла ў снежні 2015 года.

Па выніках 2016 года за асабісты ўклад у адраджэнне, захаванне і развіццё тэхналогіі падвойнага ткацтва як элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Белакоз В.І. была ўручана прэмія Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя А.І.Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”.

Напрыканцы хочацца сказаць, што кожнаму з нас трэба любіць і шанаваць сваю культуру, традыцыі, звычаі, перадаваць іх маладому пакаленню, чым Вера Ігнатаўна і займаецца. Таму прыклад Веры Ігнатаўны можа быць яркім узорам для пераймання.

129