Любоў да Радзімы пранесла праз усё жыццё

Марфа Сяргееўна Марозава (Мяцеліца) нарадзілася 19 лістапада 1920 года ў вёсцы Ермакоўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1936 годзе сем класаў Паланіцкай няпоўнай сярэдняй школы, паступіла ў Крычаўскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Настаўніца пачатковых класаў і выхавальнік дашкольных установаў”. Да вайны працавала ў Гомельскай вобласці. Памятны для мамы стаў 1938 год – яе прынялі ў камсамол.

Калі пачалася вайна, была эвакуіравана ў РСФСР, у Чкалаўскую вобласць (пасля вайны – Арэнбургская), жыла ў сяле Вятлянка Бураннага раёна і працавала падлікоўцам у калгасе “Ударнік”.

У лютым 1942 года па камсамольскім прызыве добраахвотна пайшла на фронт, дзе знаходзілася да канца вайны. Два гады служыла ў войсках ПВА начальнікам назіральнага пункта асобнага батальёна паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі на Заходнім і Паўднёвым франтах ПВА. З верасня 1944 года – старшы сяржант, камандзір аддзялення тэлефаністак і старшая радыётэлефаністка 83-га асобнага радыёбатальёна сувязі ІІ Украінскага фронту. Прымала ўдзел у баях пры абароне Закаўказзя і абароне Сталінграда. Знаходзячыся ў складзе механізаванага корпусу ІІ Украінскага фронту, удзельнічала ў вызваленні Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі.

Вайну закончыла ў горадзе Брно ў складзе савецкіх войск у Чэхаславакіі. Адтуль у ліпені 1945 года была дэмабілізавана з арміі. (Падрабязней...)

263