«Тэатр + музей»

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

ПРЭС-РЭЛІЗ

“Тэатр + музей”

Тэатралізаваныя чытанні ўрыўкаў з паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”

25 і 26 лютага 2024 года ў юбілейны год Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа дорыць сваім наведвальнікам чарговы падарунак і запрашае на тэатралізаваныя чытанні ўрыўкаў з паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”.

1 лютага 2024 года паміж Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа і Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі (РТБД) было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве, і першым яго вынікам стануць тэатралізаваныя чытанні ўрыўкаў з паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”, якая ў 2025 годзе будзе адзначаць 100-гадовы юбілей.

“Сымон-музыка” – другая па значнасці паэма Якуба Коласа, ідэя напісання якой узнікла падчас адбывання пакарання ў Пішчалаўскім замку, перажыла тры аўтарскія рэдакцыі: першы варыянт пабачыў свет у 1918 годзе, а канчатковы варыянт паэмы – аж у 1925 годзе. Знакаміты твор займае адмысловае месца ў беларускай літаратуры, гэта расповед пра дачыненні мастацтва і навакольнага асяроддзя, пра нараджэнне Творцы.

РТБД за гады існавання стаў неад’емнай часткай культуры Беларусі і заняў лідзіруючыя пазіцыі ў сучасным беларускім тэатры. Аснову рэпертуару складаюць творы беларускіх аўтараў, акрамя таго, у афішы ёсць і творы класікаў сусветнай літаратуры. Вялікі гонар для нас, што шэраг вядомых аўтараў папоўніцца і прозвішчам Класіка.

25 лютага ў 12.30 і 26 лютага у 19.00 у вялікай гасцёўні Дома Песняра адбудуцца першыя чытанні ўрыўкаў з паэмы “Сымон-музыка”. Гэта свайго роду тэатралізаваная прэзентацыя п’есы, «правобраз» спектакля, прапанаваны рэжысёрам. Акцёры чытаюць тэкст з ліста па ролях, і дзеянні разгортваюцца ва ўяўленні гледача. Шматлікія аматары тэатра часта выбіраюць чытку, таму што ў ёй ёсць прастора для асабістай фантазіі.

Чытаюць акцёры РТБД: Ігар Сідорчык, Дзяніс Аўхарэнка, Алесь Ніканенка, Юлія Лазоўская, Дзмітрый Давідовіч, Ганна Лебедзева.

Рэжысёр: Алена Зміцер.

Музыка: Мірон Шарай.

Кошт уваходнага білета – 20 рублёў.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by

103