Адбыўся вясновы канцэрт «Вясна красна»

У Мастацкай галерэі прайшоў вясновы канцэрт «Вясна красна», прымеркаваны да вясновых святаў.

22 сакавіка адзначаюць Саракі — Дзень сарака пакутнікаў Севасційскіх. Свята прыпадае на вясновае раўнадзенства, калі дзень і ноч роўныя па часе. У народзе так і казалі: «На Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца».

Народ заўсёды ўдала спалучаў у сваёй свядомасці святкаванне вясновага раўнадзенства з падзеямі хрысціянскай гісторыі. На Саракі ўсяго па сорак: гульняў, варожбаў, прыкметаў.

У гэты дзень прынята было выпякаць абрадавае печыва ў выглядзе птушак. Па народных уяўленнях, душы людзей-пакутнікаў пераўтвараліся ў жаўрукоў. Маленькая кволая птушка прылятае з выраю ў наш край, калі яшчэ вельмі холадна. Часам на палетках яшчэ ляжыць снег, але цэлы дзень яна спявае сваю песню сонейку, а потым у начным змроку мерзне на скаванай марозам зямлі.

Уяўленне аб тым, што на Саракі прылятае сорак «птушак-пакутнікаў», пасля чаго надыходзіць вясна, распаўсюджана амаль па ўсёй Беларусі і асабліва на яе поўначы. У Полацкім раёне і зараз старыя людзі сцвярджаюць: «Кажуць: сорак птушак прыляціць — сорак мучанікаў».

На Саракі і аж да самага Вялікадня пачынаюць гукаць вясну. З гэтай нагоды на канцэрце прагучалі яркія заклікальныя вясновыя песні і лірычныя кампазіцыі ў выкананні фальклорнага гурта «Варган» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а завершанасць выступу дадало слайд-шоў пад назвай «Вясна ў аб’ектыве» (аўтар фотаздымкаў — Наталля Анцімонава).

54