“Маё жыццё – карціны”: З калекцыі Ю. М. Пэна


21 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі мастацкіх работ знакамітага жывапісца Юрыя Майсеевіча Пэна з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея "Маё жыццё - карціны".

Класік беларускай літаратуры Якуб Колас быў не толькі славутым паэтам, навукоўцам, настаўнікам, але і духоўным апекуном таленавітых асоб. Сярод тых, з кім паэт сябраваў і каму спрыяў, – мастакі Таццяна Жырмунская, Сямён Герус, Галіна Гарэлава, Янка Лабкоўскі, скульптар Заір Азгур... Таму і нядзіўна, што менавіта ў Доме песняра, дзе з часоў жыцця гаспадара пануе творчая атмасфера, адкрылася выстава работ знакамітага беларускага мастака Юрыя Майсеевіча Пэна.

Імя Юрыя Майсеевіча Пэна назаўжды ўпісана ў гісторыю сусветнай мастацкай школы. Дзейнасць гэтага творцы, выпускніка Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, вучня славутага Чысцякова, школу якога прайшлі амаль усе вядомыя расійскія мастакі другой паловы ХІХ стагоддзя, мае неацэннае значэнне.

Ю. М. Пэн нарадзіўся 24 мая (5 чэрвеня) 1854 года ў невялікім гарадку Нова-Аляксандраўску на ўскрайку Паўночна-Заходняга края (цяпер Зарасай, Літва), але большую частку свайго жыцця прысвяціў г. Віцебску, куды пераехаў у 1896 годзе. “Абмежаваўшыся Віцебскам і толькі Віцебскам”, мастак паглыбіўся ў стыхію жыцця правінцыйнага горада. Тут ён стварыў “Школу малявання і жывапісу Ю. Пэна”, заклаўшы традыцыі віцебскай мастацкай школы, унікальнай з"явы не толькі для Беларусі, але і для ўсяго сусветнага мастацтва. Таленавіты жывапісец быў яшчэ і выдатным настаўнікам. Школу Пэна прайшлі каля сотні вучняў, многія з якіх аказаліся незвычайна адоранымі. Сусветную славу знайшлі Марк Шагал, Восіп Цадкін, Лазар Лісіцкі. Выдатнае месца ў гісторыі мастацтва занялі Леў Зевін, Рувім Хрумак, графікі Саламон Юдовін, Леў Лейтман, скульптар Давід Якерсон і іншыя. Многія вучні Ю. Пэна прытрымліваліся зусім іншых поглядаў у мастацтве, але да канца жыцця захоўвалі глыбокую ўдзячнасць свайму першаму настаўніку.

Калекцыя мастацкіх работ Юрыя Майсеевіча Пэна займае асаблівае месца ў зборах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея: 166 жывапісных і 17 графічных работ складаюць самую вялікую ў свеце музейную калекцыю твораў гэтага мастака. Прадстаўленыя на выставе ў Доме Коласа 23 карціны з фондаў Віцебскага музея даюць магчымасць раскрыць ўвесь велізарны дыяпазон творчасці мастака, адначасова прасачыўшы стылістыку і жанравую структуру жывапісу Ю. Пэна. Шмат увагі ён надаваў апісанню побыту гараджан, пісаў пейзажы, быў слынным партрэтыстам. Творчасць Ю. Пэна вылучаецца глыбокім філасофскім сэнсам і жыццялюбствам, яна – узор мудрасці і прафесіяналізму. Рэалістычнасць твораў майстра адзначаў і яго вучань Марк Шагал: “Вам не трэба ісці ў поле, не трэба гуляць па горадзе, звяртаць увагу на людзей, не трэба ісці ў тэатр, у царкву, у сінагогу – усё гэта вы маеце перад сабою, ўсё стогне, плача на карцінах Пэна штохвілінна, і днём і ўвечары, у суботу, у свята”.

Найбольшую ўвагу на выставе выклікаюць пейзажныя эцюды. Тэмпераментныя і сакавітыя, яны падкрэсліваюць майстэрства мастака і раскрываюць яшчэ адзін бок таленту Ю. М. Пэна, вядомага ў асноўным дзякуючы класічным партрэтам. І калі карціны бытавога і партрэтнага жанраў былі ў Пэна пераважна напоўненыя габрэйскімі матывамі, дык пэйзажны жывапіс цалкам беларускі. Рысы адзінства, агульнасці, прысутнічаюць ва ўсіх пейзажах віцебскай школы. Гэта – эскізнасць у манеры пісьма, размытыя, як у шэрую гадзіну, контуры, пастэльнасць у каларыце і сакавітыя, чыстыя лакальныя каляровыя акцэнты.

Ю. М. Пэн маляваў горад і яго ваколіцы як чалавечы твар, выпісваючы кожную дэталь. Ён быў па-сапраўднаму замілаваны Віцебскам. Паводле ўспамінаў скульптура Заіра Азгура, Пэн гаварыў: “Люблю я, разумееце, Віцебск. І як гэты горад не любіць! Цудоўная рака! Высокія, дзе абрывістыя, а дзе пакатыя берагі... я люблю партрэтнасць горада. Кожны горад павінен мець свой партрэт... наш Віцебск адрозніваецца ад усіх гарадоў менавіта сваім тварам... ён лепей за іншыя... А прагуляйцеся па ваколіцах Віцебска... Трэба быць прыгожымі як наш Віцебск!”

Краявіды Віцебска і яго ваколіц паўстаюць перад намі не толькі на работах знакамітага мастака, але і на паштоўках пачатку ХХ стагоддзя з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

“… Вы першы ў Віцебску. Горад не зможа Вас забыць, – пісаў Ю. Пэну ў 1921 годзе Марк Шагал. – Я ўпэўнены, што Віцебск, якому Вы аддалі 25 гадоў жыцця, рана ці позна годна ўвекавечыць Вашу працу. Вашы лепшыя работы... будуць сабраныя... у будучым музеі гор. Віцебска”.
Сённяшняя экспазіцыя работ Ю. М. Пэна ў Віцебскім мастацкім музеі яскравае пацверджанне таму, што горад не забыў свайго мастака. А выстава у Доме Коласа, якая будзе доўжыцца да 15 снежня 2010 года – гэта даніна памяці мастаку, захапленне яго творчасцю, пакланенне перад яго талентам.

120