«Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…! »


Шаноўныя палачане і госці гораду! Музей запрашае на фальклорнае свята Каляды, якое адбудзецца 23 снежня ў 12.30.
Каляды – адно з асноўных зімовых святаў у беларускай традыцыйнай культуры, якое суадносіцца з пачаткам язычніцкага святкавання ў гонар зімовага сонцастаяння – пераходу праз самыя цёмныя і кароткія дні года. Каляды завяршалі строгі Піліпаўскі пост на Раство, а таму заўсёды суправаджаліся шчодрым застоллем, песнямі і гуляннямі. На поўначы Беларусі спявалі:
Нам Піліпаўка надакучыла,
Дзеўкам жываты перамучыла.
Мальцам жамеры зубы праелі.
А калядныя бліны ладныя...!
Для калядавання групуецца звычайна моладзь, што ўвечары ходзіць па вёсцы з віншавальнымі песнямі – калядкамі, у якіх прасочваецца ідэя ўсхвалення гаспадара, пажаданне яму і яго хатнім дабрабыту на наступны год. Ходзяць каляднікі з вечара да самай раніцы, і сустракаюць іх паўсюль з радушшам. Пры гэтым для традыцыі “крывых вечароў” характэрнай рысай з’яўляецца рытуальнае пераапрананне – калядны гурт такім чынам атаясамліваўся з прадстаўнікамі іншасвету (менавіта таму моладдзю выкарыстоўваліся маскі, незвычайныя элементы строю – змяшэнне правага і левага боку, пераду і зада і г.д.), ад якіх залежыў будучы лёс грамады. Вадзілі і «казу» - яна сімвалізавала багацце і добры ўраджай. Звычайна калядоўшчыкаў частавалі пірагамі-аладкамі, а ў заможных хатах акрамя выпечкі давалі грошы, кілбасы й сала, частавалі гарэлкаю.
На Каляды праводзілі ігрышчы, дзе танчылі, гулялі, слухалі казкі, легенды, адгадвалі загадкі. Асаблівай папулярнасцю карысталася шлюбная гульня «Яшчур», у якой праяўляюцца сляды ахвярапрынашэння цнатлівых дзяўчат старажытнаму дракону-яшчару – гаспадару падводна-падземнага свету.
Калядныя варожбы, як адзін з неад’емных элементаў святочных вечароў, павінны былі прадказаць будучы лёс: тут і блізкае замужжа, і багаты ўраджай. Наогул, кожнае дзеянне чалавека традыцыйнай супольнасці (асабліва гаспадара) было сімвалічна напоўненым, мела магічны змест. Больш таго, існавалі строгія забароны на працу падчас калядных святаў – вось таму і праходзілі зімовыя вечары з песнямі, гульнямі, радасцю.
Сардэчна запрашаем!

212