Выстаўка “Мастацтва ў гарадской культуры Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя”


Выстаўка "Мастацтва ў гарадской культуры Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя”

Для ХІХ стагоддзя характэрна вялікая цікавасць да гуманітарных навук, літаратуры, мастацтва. Гэта вызначыла стыль эпохі і тое вялікае месца, якое займалі выяўленчае мастацтва, музыка, тэатр у гарадской культуры. Мастацтва вобразна адлюстроўвае рэчаіснасць, яно заўсёды звязана з гісторыяй. На жывапісных палотнах і графічных аркушах мы мусім убачыць тыя гістарычныя падзеі і з'явы, якія адбываліся ў дадзеную эпоху, твары людзей, якія адыгралі пэўныя ролі ў іх развіцці. Выставачны праект “Мастацтва ў гарадской культуры ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя” закранае гістарычныя і культурныя аспекты жыцця беларускіх гарадоў азначанага перыяду.
Экспазіцыя нібы складаецца з асобных сюжэтаў. Наведвальнікі пазнаёмяцца з гісторыяй развіцця мастацтва фатаграфіі, прафесійнага тэатра, музычнага мастацтва на Беларусі, атрымаюць магчымасць прасачыць развіццё гарадской моды, традыцыі баўлення вольнага часу і іншае. На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю знаных асоб беларускай культуры і гісторыі: сям’і Багдановічаў, хірурга Р.Яноўскага, спартсмена В.Сакалдзінскага, графа К.Чапскага, а таксама творы Ю.Пэна, Я.Кругера, Н.Орды і іншых. Значная колькасць матэрыялаў, прадстаўленых у экспазіцыі, тычыцца гісторыі горада Мінска.

157