ШЛЯХАМІ ЯКУБА КОЛАСА – ДАРОГАМІ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ


Кала 100 прадметаў са збораў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа: асабістыя рэчы Якуба Коласа; друкаваныя выданні Якуба Коласа на беларускай і іншых мовах свету; графічныя работы Лазара Саулавіча Рана; акварэлі - ілюстрацыі да паэмы “Новая зямля” народнага мастака Беларусі Васіля Пятровіча Шаранговіча.
Аўтографы Якуба Коласа і яго сыноў, а таксама асабістыя рэчы Васіля Ісакавіча Талаша з архіва Валерыя Дрыго – ўнука дзеда Талаша.
Увага! Пад час працы выстаўкі пройдзе
грамадска-літаратурная акцыя “130 прысвячэнняў Песняру”.

Выстаўка прысвечана выдатнаму беларускаму пісьменніку, народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу (1882-1956). Ён стаіць поруч з Янкам Купалам як заснавальнік новай беларускай літаратуры, выразнік народных дум і пачуццяў, спрыяльнік развіцця нацыянальнай культуры і станаўлення беларускай літаратурнай мовы. Багатая і шматгранная творчасць Якуба Коласа грунтуецца на лепшых традыцыях айчыннага прыгожага пісьменства і сусветнай класікі.

Літаратурная спадчына Якуба Коласа, яго жыццё — невычэрпная крыніца творчага натхнення беларускіх майстроў пэндзаля і разца. Не пакінула абыякавым гэтая тэма і мастака Лазара Саулавіча Рана. Так стварыўся цыкл яго графічных работ «Па родных мясцінах Якуба Коласа».

Энцыклапедыя сялянскага жыцця Якуба Коласа – паэма “Новая зямля”. Гэты твор можа пахваліцца колькасцю сваіх выданняў, перавыданняў і перакладаў на іншыя мовы. Многія з іх – як сучасныя, так і тыя, якія ўбачылі свет пры жыцці Якуба Коласа – прадстаўлены на выставе. Вылучаецца ж сярод іншых падарункавае выданне на трох мовах: беларускай, рускай і польскай, якое выйшла з друку ў юбілейным 2002 годзе ў серыі сусветна знакамітых раманаў у вершах, задуманай Беларускім фондам культуры. Выданне аздоблена 91 ілюстрацыяй народнага мастака Беларусі Васіля Пятровіча Шаранговіча.
Усяго творы Якуба Коласа перакладзены на 41 замежную мову. “Новая зямля”, у прыватнасці, поўнасцю перакладзена на рускую, польскую і ўкраінскую мовы. Урыўкі – на англійскую, балгарскую, іспанскую мовы.

Асабістыя рэчы Якуба Коласа ў выставе – своеасаблівая звязка паміж мастацкімі работамі і асобаю самога народнага песняра. Яны прадстаўляюць не толькі канкрэтную асобу, але і цэлую эпоху ў выявах прадметнага свету. Кожная з іх нясе на сабе дотык рукі Песняра і з’яўляецца сёння найкаштоўнейшым экспанатам музея.

Асобным комплексам вылучаны зкспанаты, якія ілюструюць гістарычную і творчую сувязь Якуба Коласа з Гомельскім краем. Паэт неаднаразова бываў тут з нагоды творчых паездак. Якуб Колас даў жыццё ў літаратуры легендарнаму герою Беларусі – Васілю Ісакавічу Талашу. Сведкі іх цёплых сустрэч - фотаздымкі, дакументы і, канешне, першае выданне аповесці "Дрыгва".

162