Выстава да 135-годдзя з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы


Выстава «Беларусі прысвячаецца». Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. г. Мінск, 2017 г.

10 кастрычніка 2017 г. а 17 гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыцце выставы да 135-годдзя з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы.

Выстава знаёміць з творчасцю выбітнага беларускага фотамайстра першай трэці ХХ стагоддзя Льва Дашкевіча, імя якога стала сапраўдным адкрыццём у гісторыі беларускай мастацкай фатаграфіі.

Прадстаўлены арыгіналы фатаграфічных прац Льва Дашкевіча, выкананыя майстрам у розных манерах і тэхніках з 1900 па 1950 гг. , а таксама асабістыя рэчы фатографа з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама новыя матэрыялы, якія былі знойдзены ў апошнія часы.

Адзін з раздзелаў выставы прысвечаны сяброўству і сумеснай працы двух выдатных асоб свайго часу, Фатографа і Паэта – Льва Дашкевіча і Янкі Купалы.

На адкрыццё выставы запрошаны ўнук выбітнага фотамайстра – Леў Дашкевіч малодшы.

Партнёрамі выставы выступілі Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Выстава ўключана ў праграму міжнароднага фестываля “Месяц фатаграфіі ў Мінску”.

Леў Урбанович Дашкевіч (1882 – 1957 гг.) – беларускі фатограф, публіцыст, педагог, навуковец, вынаходнік. Нарадзіўся 12 лютага (н.ст.) 1882 г. у Мінску ў сям'і дваран - надворнага саветніка Мінскай казённай палаты Урбана Клеафасавіча і Антаніны Іванаўны (народжанай Крукоўскай) Дашкевічаў. Атрымаў адукацыю ў Дыжонскім універсітэце (раманскае аддзяленне факультэта славеснасці) і Вышэйшай школе графічных мастацтваў у Парыжы (аддзяленне фатаграфіі).Фотамастак займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў шэрагу навучальных устаноў Ерэвана (Арменія), Гянджы (Азербайджан), Тыфліса (Грузія), а затым і Мінска. Леў Дашкевіч першым у Беларусі распрацаваў і стаў чытаць курс лекцый па фатаграфіі (у Мінскам інстытуце народнай адукацыі). Акрамя прафесійнага захаплення фатаграфіяй, Леў Урбанавіч займаўся навуковымі даследаваннямі ў вобласці рэнтгенаграфіі, вывучаў уплыў біялагічнага ўльтрафіялету на трофіку і рэгенерацыю тканін, у выніку распрацаваў унікальную методыку паскоранага гаення ран.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Мінск, вул. К.Маркса, 12
Штодня з 11.00 да 19.00
Тэл .: 327–43–22
histmuseum.by

241