На 90-м годзе пайшоў з жыцця выдатны навуковец прафесар Георгій Васільевіч Штыхаў

Георгій Васільевіч Штыхаў

На 90-м годзе пайшоў з жыцця выдатны навуковец, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Георгій Васільевіч Штыхаў.

Шматгадовая навукова-даследчая дзейнасць Георгія Васільевіча была непарыўна звязана з Полацкам. Вынікамі плённай працы па вывучэнню гістарычнага мінулага і археалагічнай спадчыны старажытнага горада сталі абарона кандыдацкай (у 1965 г.) і доктарскай (у 1983 г.) дысертацый, выхад у свет манаграфій «Старажытны Полацк: IX–XIII стст.», «Гарады Полацкай зямлі (IX–XIII стст.)», «Крывічы: па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі», «Ажываюць сівыя стагоддзі», «Старажытныя скарбы Беларусі» і інш.

Унёсак Георгія Васільевіча ў справу развіцця гістарычнай навукі Беларусі складана пераацаніць: у сферу яго навуковых інтарэсаў акрамя Полацка ўваходзілі Віцебск, Барысаў, Заслаўе, Лукомль, Лагойск, Копысь, паселішчы на р. Менка, раннесярэднявечныя курганы паўночнай і цэнтральнай Беларусі і інш. Г.В. Штыхаў аўтар больш за 10 манаграфій, каля 1000 навуковых і энцыклапедычных артыкулаў, падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, пад яго навуковым кіраўніцтвам падрыхтавана 2 доктарскіх і 19 кандыдацкіх дысертацый.

Светлая памяць таленавітаму вучонаму і цудоўнаму чалавеку...

Калектыў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

326