На занятках у Краязнаўчым музеі

У канцы красавіка і першыя дні мая Краязнаўчы музей Полацка прымаў у сябе ў гасцях вучняў 4-х класаў полацкіх школ і гімназій на музейна-педагагічных занятках «У абарону сваёй зямлі».

Падчас падарожжа па музею дзеці даведаліся, ад каго і як абаранялі нашыя продкі полацкія землі на працягу тысячагадовай гісторыі. Навуковыя супрацоўнікі разам з дзецьмі ўзгадалі часы Рагвалода і Усяслава Чарадзея, пазнаёміліся з уладкаваннем полацкага замка і ўзбраеннем полацкага войска часоў барацьбы з крыжакамі. У зале, якая прысвечана падзеям вайны 1812 года, школьнікі высветлілі, чым гарматнае ядро адрозніваецца ад ядра балісты, чаму мост праз р. Палату па вул. Еўфрасінні Полацкай называецца Чырвоным. На другім паверсе з дапамогай гульні чацвёртакласнікі засвоілі, што такое агнястрэльная і халодная зброя, а таксама пазнаёміліся з відамі ўзбраення часоў Першай сусветнай вайны, прадстаўленага ў музейнай экспазіцыі.

У размовах дзеці самі прыйшлі да высновы, што нягледзячы на неаднаразовыя напады ворагаў, палачане, дзякуючы сваёй мужнасці, любові да Радзімы і ўпартай працы, зноў і зноў узнімалі Полаччыну з руін і попелу.

767