IV Нацыянальны форум «Музеі Беларусі»


Запрашаем аматараў беларускай літаратуры да ўдзелу ў IV Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі»

З 4 па 6 кастрычніка 2019 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прыме ўдзел у IV Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі», які пройдзе ў горадзе Брэсце.

Для ўдзельнікаў і гасцей форуму Музей прадставіць «Літаратурную геаграфію Беларусі». Падчас праграмы госці змогуць паўдзельнічаць у «Літаратурных лабірынтах»; паэтычных чытаннях твораў пісьменнікаў з Брэстчыны; інтэрактыўнай праграме «Ведай нашых»; віртуальнай Instagram-фотазоне; «Ты не слухай Мішку, коцік!» (паглядзі, прачытай і забяры з сабой героя верша); майстар-класе «Буквар сваімі рукамі» (зрабі свой уласны Буквар).

Літаратурны музей Петруся Броўкі прадставіць фотаздымкі з сямейнага архіва Броўкаў, распавядзе пра сямейную трагедыю Рыдзеўскіх, з якіх паходзіла Алена Броўка. Спецыяльна падрыхтаваныя музейныя гульні дапамогуць пазнаёміцца з паэтам і «убачыць» вуліцы і знакавыя мясціны Мінска яго вачыма, даведацца пра штодзённыя турботы блізкіх паэта. А таксама гасцей чакае «неонавы сакрэт».

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае наведаць фотазону «Дзень гімназіста» і паўдзельнічаць у інтэрактыўнай праграме:

  •  «Праўда/няпраўда» па біяграфіі Максіма Багдановіча;
  •  «Юны даследчык. Што нам раскажа стары атэстат»;
  •  «Кніганошы, альбо падарожжа па зачарованым царстве»;
  •  «Што напішаш пяром» — занятак па каліграфіі па старасвецкіх пропісах.


Давайце разам адкрываць скарбы нацыянальнай культуры!
 

390