Выстаўка «Шлях» Льва і Сяргея Гумілеўскіх


14 верасня 2023 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё выстаўкі «Шлях», прысвечанай 60-годдзю члена Беларускага саюза мастакоў, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы дзеячам літаратуры і мастацтва Сяргея Львовіча Гумілеўскага.

На выстаўцы прадстаўлены скульптурныя творы, якія адлюстроўваюць творчы шлях вядомага беларускага мастака С.Л. Гумілеўскага, а таксама работы яго бацькі – народнага мастака Беларусі Л.М. Гумілеўскага (1930–2021) – і іх сумесныя творы.

Адным з галоўных матываў творчасці С.Л. Гумілеўскага з'яўляецца адлюстраванне вобразаў і духоўнай спадчыны выдатных дзеячаў беларускай культуры: пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў, кампазітараў, мастакоў, асветнікаў. На выставе прадстаўлены скульптурныя партрэты Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Станіслава Манюшкі, Фердынанда Рушчыца, Кірылы Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны.

Асобнае месца сярод яго работ займаюць скульптурныя вобразы-станы, узнёслыя настроі чалавечай душы ці паняцці, якія натхняюць і ўспрымаюцца адкрыта кожным чалавекам. Гэта і шматлікія работы, выкананыя па матывах паэзіі Максіма Багдановіча: «Зорка Венера», «Усе мы разам ляцім ды зор», «У краіне светлай, дзе я паміраю», «Страцім-лебедзь», і скульптуры-сімвалы: «Дабравешчанне», «Натхненне», «Юнацтва», «Коннік», «Галубка», «Мацярынства», «Абуджэнне», «Разважанне». С.Л. Гумілеўскі працуе з рознымі матэрыяламі: выдатна адчувае розныя пароды дрэва, каменя, здабываючы з матэрыялу характар і вобраз.

Доўгі час Сяргей Гумілеўскі працаваў у творчым тандэме са сваім бацькам – народным мастаком Беларусі Львом Мікалаевічам Гумілеўскім. Унікальным з'яўляецца не толькі тое, што абодва мастакі працавалі разам, але і тое, што яны – бацька і сын – аднадумцы ў многіх пытаннях. Сяргей шмат чаму навучыўся ў свайго бацькі, аднак здолеў захаваць творчую індывідуальнасць. Агульным для іх творчасці з'яўляецца рамантычнае і паэтычнае стаўленне да міру, радзімы, людзей.

Манументальныя і станковыя творы, створаныя мастакамі сумесна, услаўляюць дзеячаў гісторыі і культуры не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі. Гэта алея бюстаў Радзівілаў і дзеячаў культуры ў Нясвіжы, помнікі Максіму Багдановічу ў Ялце, Кірыле Тураўскаму ў Гомелі, Янку Купалу ў Маскве, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку ў Мінске, Францішку Багушэвічу ў Смаргоні, Вацлаву Ластоўскаму ў Глыбокім, кампазіцыя «Балет» каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у Мінску.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 70 твораў з калекцыі аўтара, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Уваходны білет:
6,00 руб. – для дарослых;
4,50 руб. – для студэнтаў;
3,00 руб. – для школьнікаў.

Час працы:
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00 (каса да 18.30)
пл. Свабоды, 15
+375 17 270 43 66

857