Зіма ў маім горадзе. Заслаўе/ Выстава жывапісу з музейнага збору Запаведніка


Зіма ў маім горадзе. Заслаўе

Выстава жывапісу з музейнага збору Запаведніка

Зіма…
Заслаўе…
Роднае мястэчка…
Мястэчка – места – горад…

На календары снежань, пачалася сапраўдная зіма з маразамі, снегам ды завірухамі. Не гледзячы на холад і сцюжу, настрой узімку асаблівы — святочны! Усе ж мы рыхтуемся да Калядаў і Новага года.

Зіма ў горадзе — гэта асаблівая карціна. А калі ж ідзецца пра зімовы пейзаж ў Заслаўі — адразу ж гэтыя заснежаныя карцінкі, што апавядаюць нам пра легендарную гісторыю горада, набываюць нейкую містычную зачараванасць. На выставе можна ўбачыць зіму ў Заслаўі — на тых крывенькіх вулках ды пагорках, на якіх і раскінулася нашае старое места — у жывапісных творах Гаўрылы Вашчанкі, Віктара Данілава, Віктара Маркаўца і іншых мастакоў.

А заслаўцы ж добра ведаюць тыя пагоркі, па якіх раскінулася старадаўняе мястэчка. Могуць прайсціся па іх з заплюшчанымі вачыма… Дый узімку… Асабліва ўзімку! Ні з чым жаж не пераблытаць тую горку, з якой коўзаліся яны яшчэ ў дзяцінстве на саначках. А вунь з таго пагорку, на які ў зімовую галаледзіцу не так і проста ўскараскацца, такі краявід на ўсё места. Тут бачныя і старадаўні Кальвінскі збор, і мураваны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі…

Усе зімовыя краявіды роднага мястэчка — бы вочы заплюшчыўшы ды ўзгадаўшы салодкі сон з дзяцінства, — тут, перад табой. Такая мілосная зімовая раніца, калі сіняя шэрань начы ці то яшчэ, ці то ўжо на падворку… Цёмная раніца, а бабуля з печы дастае найсмачнейшыя аладкі. Цёмны падвячорак, а чыгунок з кашай — таксама ж з пячы! — ужо на стале… А вакол — а вакол такая прыгажосць. Варта толькі падысці да вакенца дый зазірнуць у заслаўскі космас…

Уначы ён ззяе агеньчыкамі аканіц, а ўдзень — бялюткімі гмахамі старадаўніх камяніц ды родных хацінак, дзе жыве твая сям’я… маці, тата, бабуля ды лепшы сябра коцька…

Глядзьма ў заслаўскае вакенца, а ўбачыш — цэлы космас. Космас заслаўскага жыцця…

786