Анімалістычная выстава «ZOOART»


21 снежня 2023 года а 17-й гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё анімалістычнай выставы твораў з керамікі, шкла, дрэва, металу, каменю "ZOOART".

Праект падрыхтаваны куратарамі, членамі секцыі дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў Амбросавай Ганнай і Сямашка Вольгай. Яго мэта – пазнаёміць з новым бачаннем анімалістычнай тэматыкі ў сучасным беларускім мастацтве, прадставіць шырокай аўдыторыі творы, выкананыя ў розных тэхніках і матэрыялах.

Анімалістычная тэматыка – кірунак, які не страчвае папулярнасці сярод беларускіх творцаў і нязменна выклікае вялікую цікавасць у гледача. Упершыню за доўгі час аматары жанру ўбачаць значную калекцыю анімалістычных твораў, сабраную ў прасторы адной галерэі.

Выстава анімалістычных твораў – унікальная з’ява для нашага культурнага жыцця. Жанр знаходзіцца па-за межамі актуальных працэсаў беларускага мастацтва, і пры гэтым мастакі пастаянна звяртаюцца да яго ў сваіх працах. У экспазіцыі вы ўбачыце творы розных мастакоў як па ўзросце, так і па светапоглядзе. Творы выкананы ў розных матэрыялах, тэхніках, мастацкіх вырашэннях; яны, несумненна, адразу прыцягнуць вашу ўвагу, настрояць на асаблівы лад і не пакінуць абыякавым.

І гэта не дзіўна: выява жывёлы заўжды кранала чалавека. Жывёла заўсёды была побач, нагадвала пра неад’емную сувязь з прыродай. У жывёле чалавек знаходзіў памочніка, сябра і заўсёды – аб’ект любавання, крыніцу натхнення, прыгажосці, грацыі, увасабленне многіх якасцей, якія недаступны чалавеку.

За кожным творам стаіць мастак, погляд якога ўлавіў тую мімалётную прыгажосць рухаў птушак, звяроў, рыб, перадаў яе праз рэалістычную дэталізацыю формы альбо, наадварот, стылізацыю, што балансуе паміж архаікай і канцэптуалізмам. І не так важна, ці мае твор рэальны прататып у жыцці. Часам выдуманыя сюжэты, фантастычныя істоты бударажаць фантазію, дазваляюць адысці ад мітусні штодзённасці, прымерыць на сябе той позірк, якім навокал глядзіць мастак, адчуць сябе часткай сусвету ў яго разнастайнасці.

На выставе "ZOOART" прадстаўлена больш за 100 твораў 44 беларускіх мастакоў, сярод якіх прафесійныя члены секцыі дэкаратыўнага мастацтва, секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, а таксама студэнты і выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Уваходны білет:
7,00 руб. – для дарослых;
4,50 руб. – для студэнтаў;
3,00 руб. – для школьнікаў.

Час работы:
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00 (каса да 18.30)
пл. Свабоды, 15
+375 17 270 43 66

447