Творчая сустрэча з В. К. Барабанцавым (да 38 гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС)

20 красавіка ў нашым Музеі гсторыі горада Гомеля адбылася творчая сустрэча з Віктарам Барабанцавым, заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Яна была прымеркавана да 38 гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мерапрыемства адбылося ў межах працы экспазіцыі «Зямля, што нам дадзена лёсам», дзе прадстаўлены творы, якія мастак падарыў роднаму гораду ў фонды Музея гісторыі горада Гомеля, у тым ліку і цыкл карцін, прысвечаных Чарнобыльскай аварыі. Мастак адзін з першых прыняў удзел у паездках па страшных месцах, рабіў там эскізы, якія пасля выліліся ў экспрэсіўныя палотны, што выбіваюцца з усяго яго творчага здабытку. Бусел – сімвал Беларусі, – стаіць у гняздзе над мёртвым бусляняткам, якое толькі вылупілася, распяцце, на якім – Хрыстос з адсечанай рукой, забіты дошкамі калодзеж, унізе ўсюды – чартапалох, а ўверсе – чорнае-чорнае неба з водбліскамі. Цыкл гэты з’яўляецца зборам самых эмацыянальных карцін Віктара Барабанцава.

Віктар Кірылавіч Барабанцаў нарадзіўся 28 жніўня 1947 года ў Гомелі. У 1968 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1978 годзе – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў М. Р. Залознага, Г. Х. Вашчанкі, У. І. Стэльмашонка. Працуе ў станковым і манументальна-дэкаратыўным жывапісе. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2018). Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (1999), медалём Францыска Скарыны (2010), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2012). Лаўрэат прэміі прафсаюзаў Беларусі (1990), прэміі “За духоўнае адраджэнне” (2001). Аб'ездзіў з мальбертам ўсю краіну, а з выстаўкамі – амаль што палову зямнога шара. Творы В. К. Барабанцава знаходзяцца ў фондах вядучых музейных збораў Беларусі і ў прыватных калекцыях многіх краін свету. Барабанцаў з’яўляецца адным з вядучых прадстаўнікоў рэалістычнага напрамку ў сучасным беларускім жывапісе.

67